Вот такую статейку напечатала газета Добрушский край. Обещают еще стаью в Советской Белоруссии. Выбачаюсь, что на белорусском языке.
НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ,
НІШТО НЕ ЗАБЫТА
Вялікая Айчынная вайна пакінула пасля сябе страшную спадчыну – мільёны снарадаў і бомб, сотні тысяч прапаўшых без звестак салдат і мірных жыхароў, тысячы пытанняў і таямніц, на якія і сёння гісторыкі шукаюць адказы. Нехта сказаў, што вайна не скончыцца да таго часу, пакуль не будзе пахаваны апошні загінуўшы салдат. Кожная ваенная знаходка, кожная вінтоўка, патрон адкрываюць новыя факты той вядомай-невядомай вайны.
У пошуках байцоў 50-й арміі
На працягу некалькіх год на тэрыторыі Бранскай вобласці арганізоўваецца міжнародная вахта памяці, у час якой расійскія, украінскія і беларускія пошукаўцы абследуюць месцы баёў, знаходзяць астанкі байцоў, высвятляюць іх імёны і прозвішчы і са спазненнем амаль на 70 год інфармуюць родных: “Ваш бацька, дзед, прадзед загінуў у час баёў. Пахаваны ў імянной магілцы каля вёскі Боева...”
Апошнія два гады ў вахтах памяці прымаюць удзел і дабрушане, члены Гомельскага клуба “Гонар” Арцём Раманаў і Мікалай Басянкоў. Толькі летась Арцёму давялося пяць разоў выязджаць на месцы баёў 50-й арміі і войскаў СС, дзе сігнал металашукальніка ніхто не расцэньвае, як удачу. Гільзамі, зброяй, салдацкай амуніцыяй усеяны ўвесь лес уздоўж ракі Рэсета. Пасля сумных падзей кастрычніка 1941 года тут не засталося ніводнага кавалачка зямлі, які б не быў паліты крывёй.
– Спалі ў звычайным сялянскім доме на падлозе ў спальных мяшках, ежу гатавалі ў печы, – расказаў Арцём. – З раніцы і да цемры з рыдлёўкамі ў руках перакопвалі кубаметры глебы. Мэта адна – знайсці астанкі ўсіх воінаў і пахаваць іх, як герояў.
На безыменнай вышыні
У адну з вахт пошукаўцам давялося абследаваць безыменную вышыню непадалёк ад населенага пункта Сеўск, дзе, па словах сведкаў, восенню 41-га свой апошні бой прымаў пяты мотастралковы батальён.
За дзесяць дзён інтэрнацыянальная група знайшла астанкі 29 салдат Савецкай Арміі. У шасці з іх засталіся некранутымі медальёны, і толькі пяць дазволілі ідэнтыфікаваць іх уладальнікаў. Пазней на перапахаванне загінуўшых прыехалі выкліканыя родныя, якія да гэтага не ведалі, дзе і калі загінулі іх бацькі і дзяды.
Знаходзячы рэшткі асабістых рэчаў абаронцаў вышыні, асколкі гранат і снарадаў, пошукаўцы змаглі апісаць ход бою.
– Спачатку немцы прыгнецілі нашы артылерыйскія кропкі, – расказваў Арцём. – Потым перанеслі агонь на пазіцыі пяхоты. Апошняй кропкай наступлення фашыстаў стала атака бронетэхнікі.
Хто вы, невядомыя героі?
Пошукі загінуўшых салдат у Бранскай вобласці фінансуюцца партыяй “Адзіная Расія” і вядуцца невыпадковым спосабам. Пасля работы ў архівах, размоў з мясцовымі жыхарамі пошукаўцы дакладна ведаюць, у якім квадраце і колькі можа быць загінуўшых. І ўсё ж, устанавіць прозвішчы кожнага з іх – справа цяжкая.
Па словах А.Раманава і М.Басянкова, не заўсёды ўдаецца прачытаць звесткі, закладзеныя ў медальёнах, – у адны трапляе вада, некаторыя аказваюцца пашкоджанымі. Дапамагаюць лыжкі і кацялкі салдат, на якіх часта выбіты імёны ўладальнікаў. У такім разе загінуўшыя захоўваюцца не ў брацкіх, а ў імянных магілках, хоць выпадкі такія і рэдкія.
Са знойдзеных у час вахты памяці 2009 года амаль трохсот астанкаў салдатаў толькі адзінкі былі ідэнтыфікаваны. І гэта ўдача.
Зіма – час кабінетнай работы
Напрыканцы лістапада, калі бранскія палі сталі пакрывацца снегам, вахта памяці скончылася. Яе ўдзельнікі раз’ехаліся па дамах, каб сустрэцца ля ракі Рэсета вясной 2010 года.
Па самых аптымістычных прагнозах, спатрэбіцца не менш за трыццаць год, каб знайсці і перапахаваць усіх загінуўшых воінаў 50-й арміі, але пошукаўцы не думаюць адступаць. Зімой многія з іх сядуць за камп’ютары і будуць праглядаць архіўныя спісы загінуўшых, складаць карты баёў. Работа гэта – не менш цяжкая і не менш важная, чым сам пошук загінуўшых у канкрэтным квадраце.
Заклік рэалізаваць
на практыцы
У Беларусі пошукам загінуўшых займаецца спецыялізаваны батальён Узброеных Сіл краіны. Энтузіясты з рыдлёўкамі і металашукальнікамі лічацца “чорнымі” археолагамі і падлягаюць пакаранню. Усё, што застаецца такім людзям, – гэта вывучаць архівы.
– Мільёны дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны сёння выкладзены на расійскім сайце “Мемарыял”, – расказаў Мікалай Басянкоў. – Там і данясенні са спісамі страт і прапаўшых без звестак, дакументы ваенных шпіталёў і медсанбатаў, трафейныя карткі савецкіх ваеннапалонных. Аналізуючы іх, можна скласці поўны малюнак баявых дзеянняў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, вызначыць афіцыйныя лічбы загінуўшых у канкрэтных баях.
Банк даных, створаны Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі, закліканы на практыцы рэалізаваць покліч “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Аднак, працаваць з адсканіраванымі дакументамі даволі цяжка. М.Басянкоў стварае тэкставы аналаг гэтых файлаў, але яму аднаму не адолець і мільённай часткі гэтай работы.
– Энтузіястаў у нас даволі многа. Не хапае элементарнага – памяшкання, камп’ютарнай тэхнікі і часу, – падзяліўся ён. – Не ведаю, колькі яшчэ змагу апрацоўваць даныя, але ўпэўнены, што справа гэта патрэбна людзям. Тыя, хто загінуў і да сённяшняга дня не пахаваны, як належна, чакаюць нас.
Да слова сказаць, са сваімі праблемамі добрушскія пошукаўцы звярталіся ў раённыя і абласныя органы ўлады. Іх выслухоўвалі, абяцалі дапамагчы, але архіўная дзейнасць і сёння застаецца на такім жа нізкім узроўні і трымаецца ў раёне на адным чалавеку. Хочацца спадзявацца, што і ў нас у хуткім часе ўвекавечанню загінуўшых воінаў будзе надавацца такая ж увага, як і ў Расіі.
Сяргей ЧАЙДАК
Фота Арцёма Раманава